ДРУКА́РСКІ ДВОР у Маскве,

найбуйнейшая рас. друкарня ў 16 — пач. 20 ст.; першая дзярж. друкарня ў Расіі. Засн. каля 1563 пры падтрымцы цара Івана IV Грознага і мітрапаліта Макарыя на тэр. Кітай-горада ў старой ч. Масквы (раён Нікольскай вуліцы). Тут былі надрукаваны першыя рас. кнігі «Апостал» (1564), «Часоўнік» (1565, абедзве выдадзены ўраджэнцамі Беларусі І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам), «Псалтыр» (1568, друкары Андронік Цімафееў Нявежа і Нічыпар Тарасіеў). Пасля 1568 да 1587 кнігі часова друкаваліся ў Аляксандраўскай слабадзе (сучасны г. Аляксандраў Уладзімірскай вобл.). Пасля пажару 1611 на тым самым месцы пабудаваны новы Д.д. (дзейнічаў з 1614); у 1645 і 1679 ён перабудаваны. У 17 ст. на Д.д. (з канца 17 ст. наз. друкарняй) выдадзена больш за 500 кніг (сярэдні тыраж кнігі каля 1200 экз.), пераважна рэліг. зместу; сярод свецкіх кніг была «Граматыка» (1648) ураджэнца Беларусі М.Сматрыцкага. У 1712 частка станкоў перавезена ў Пецярбург. У 1721 друкарня перададзена Сіноду і перайменавана ў Маскоўскую сінадальную друкарню (існавала да 1917).

Літ.:

Лабынцев Ю.А. Улица 25 Октября, 15. М., 1986.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)